Літаратура да пазакласнага чытання ў 4 класе
Чалавек, слова і кніга
Мікола Арочка «Цяжкое пытанне» Лёля Багдановіч “Мы дзеці мовы беларускай” Анатоль Канапелька “Роднае слова” |
Чалавек і грамадства
Лёля Багдановіч “Праспалі свята” Максім Танк “Падарожжа мураша Бадзіні” |
Чалавек і яго род
Эдзі Агняцвет “Слова пра маці” Лёля Багдановіч “Адзіная, як маці” Артур Вольскі “Татаў родны куток” |
Часамі пытаннем ашпараць, як варам:
- Чаму вы гаворыце па-беларуску?
А чаму па-балгарску гавораць у Варне?
А над Сенай - чаму па-французску?
Варта смеху, ды не да смеху,
Хоць на месцы маім смяяўся б усякі:
Чаму не па-польску гавораць чэхі?
І не па-чэшску – палякі?
Гавораць сур’ёзна, пытаюць цвяроза,
Чаму ад бяроз расце тая ж бяроза,
Чаму, як дзятва, дубнячок у дуброве
Лапоча з дубамі на той жа мове? Чаму?
************************************************
Наша мова журавінкай
І вясёлкавым мастком
Лашчыць кожную хвілінку,
І бярозку, і ялінку,
І сунічку пад кустом.
Гэта ластаўка пад стрэшкай
І стракаты дзяцел,
Гэта маміна ўсмешка,
Павучок, які за печкай
Сплёў гамак у хаце.
Наша мова – гэта бусел,
Белавежскія зубры.
І я вельмі ганаруся,
Што і ў радасці, і ў скрусе
Мы з ёй верныя сябры!
******************************************
Яны даспадобы мне, хай і старыя,
Не толькі ў гучанні хвалюючы змест.
Як многа гавораць мне назвы такія —
Мінск,
Пінск,
Брэст.
Калі паразважыш, няцяжка дазнацца,
Бо сведчаць на ўсю неабсяжную шыр,
Што продкі любілі спакойную працу —
Шклоў,
Клецк,
Мір.
А вораг находзіў,— бязлітасна білі,
Трываць не хацелі абразы і слёз,
І разам з Бярозаю катаў тапілі —
Пціч,
Друць,
Сож.
Дзяды і бацькі нашу мову стваралі,
Каб звонка звінела, была, як агонь.
У сёлаў імёны, як гукі цымбалаў,—
Блонь,
Струнь,
Звонь!
**********************************************************
Надзейка выйшла са свайго двара, стала каля брамкі і глядзіць на вуліцу.
Звычайна тут поўна вясковых дзяцей. Хлопчыкі на роварах гойсаюць. На лаўках, каля брамак, дзяўчаткі ў лялькі гуляюць. А сёння нікога не відаць – выхадны дзень. Раніца. Усе дзеці яшчэ па дамах сядзяць. Вось і стаіць Надзейка, чакае, калі хто-небудзь з іх выгляне са сваёй брамкі. Тады сяброўку ці сябрука можна паклікаць у госці і пагуляць разам. Самой жа дзяўчынцы нельга адыходзіць далёка – малая яшчэ.
Вось ідзе паўз іх двор суседка, цётка Галя, – у прыгожай сукенцы, з сумкай. Мусіць, у краму.
– Добры дзень! – гучна і радасна сказала Надзейка.
Цётка Галя глянула на малую, усміхнулася і адказала таксама радасна:
– Добры дзень, Надзейка! Вой, якая ты ўжо вялікая вырасла, малайчына!..
І пайшла далей.
Услед за цёткай Галяй ішла нейкая незнаёмая маладая цётачка.
– Добры дзень! – Надзейка павіталася і з ёю.
Незнаёмая цётачка здзіўлена глянула на дзяўчынку, а потым усміхнулася:
– Добры дзень!
І таксама пайшла далей.
Цяпер Надзейка, хто б ні ішоў паўз яе двор, усім радасна гаварыла: “Добры дзень!”. А людзі, знаёмыя і незнаёмыя, усміхаліся і адказвалі: “Добры дзень!”
Праз нейкі час з крамы вярталася цётка Галя і несла поўную сумку прадуктаў.
Надзейка ізноў гучна і радасна сказала:
– Добры дзень!
Цётка Галя засмяялася:
– Яшчэ раз – добры дзень! З прыемным чалавекам прыемна і ў другі раз павітацца!
І пайшла дадому.
– Вось ты дзе!.. А я цябе паўсюль шукаю! – раптам пачуўся знаёмы голас.
– Што ты тут робіш?
З двара выйшла мама Надзейкі.
– На вуліцу гляджу і з людзьмі вітаюся. Усім кажу “добры дзень”, – адказала дзяўчынка.
– Малайчына! Гэта правільна! У нашай вёсцы ўсе людзі вітаюцца, нават незнаёмыя, – пахваліла дачушку маці.
– А цётцы Галі я ажно два разы сказала “добры дзень”! – аб’явіла Надзейка.
– Ну, два разы вітацца з адным і тым жа чалавекам у адзін дзень не трэба, – сказала маці.
– А цётка Галя гаварыла, што з прыемным чалавекам прыемна і ў другі раз павітацца! – запярэчыла Надзейка.
– Пойдзем ужо дахаты, прыемны чалавек! – усміхнулася мама і павяла дачку ў двор.
******************************************************************
З аднаго зярнятка малога Вырастае магутны вяз. Колькі год яму жыць? Вельмі многа. Сто і дзвесце — залежыць ад нас.
Колькі год на яго верхавіне У гняздзе клекатаць буслам? Гэта самі мы ведаць павінны, Гэта ўсё падуладна нам.
Колькі раз адлятаць ім у вырай I вяртацца дамоў у свой час? Усё залежыць ад нашае шчырай Дабраты — і ці ёсць яна ў нас.
Лес, і рэчку, і клёкат бусловы, Чалавечую ўсмешку ўраз Можна знішчыць адным толькі словам, Што бяздумна вырвецца ў нас.
Стогнуць пілы, скрыгочуць бульдозеры Наламана нямала дроў. I чарсцвее душа ад карозіі Безадказных, бяздумных слоў.
Іх не возьмеш назад, іх не вернеш. Камяком боль у горле засох. I ніколі не ўзыдзе зерне, Што упала ў бясплодны пясок.
******************************************************************
Шляхі-дарогі... Паміж гарадамі яны даўжэйшыя і шырэйшыя. Паміж вёскамі – карацейшыя і вузейшыя. Яшчэ меншыя і вузейшыя сцежкі і сцежачкі, пратаптаныя людскімі нагамі. Каб выбіцца на дарогу, вы доўга блукаеце па сцежках. А то і кіруецеся напрасткі, ці, як яшчэ гавораць, нацянькі, назіркам, разораю, цераз поле. У нас адно паселішча так і называецца: Церасполле. Вы ўжо здагадаліся, чаму яго так назвалі. Каб патрапіць у Церасполле, трэба перайсці цераз поле. Няцяжка, вядома, здагадацца, як утварыліся назвы вёсак: Заполле, Загор’е, Падгор’е, Залессе, Падлессе, Прылессе, Залужжа, Падлужжа, Зарэчча, Надрэчча, Прырэчча.
А як вы растлумачыце назву вялікай дарогі – гасцінец? Ці мае гэта назва дачыненне да гасцінцаў, якія звычайна прывозяць нам родныя, блізкія, калі прыязджаюць у госці? Ну вядома ж, мае, бо ўсе гэтыя словы аднаго кораня: госць, гасцінна, гасціная, гасціннасць, гасцяванне, гасцінцы.
Шлях – таксама вялікая дарога, але мае значэнне болей шырокае і ўжываецца ў самым разнастайным сэнсе. Можа пралягаць не толькі па зямлі, а і па вадзе – водны шлях, нават па небе – Млечны Шлях, шлях да іншых планет – зорны шлях. Ёсць яшчэ жыццёвы шлях, баявы шлях, гістарычны шлях, а таксама – шлях як напрамак дзейнасці, спосаб і сродак, якімі дасягаецца мэта.
Якія шляхі-дарогі, вялікія і малыя, праходзяць па вашай мясцовасці? Куды вядуць? Ці ёсць такія, што перасякаюцца? Як называецца месца, дзе крыжуюцца дзве або некалькі дарог?
Крыжы, скрыжаванне, ростань, на ростанях. Якія яшчэ словы можна дадаць да слова дарога?
Дарожны, падарожны, прыдарожны, падарожнік, спадарожнік, здарожаны, здарожыўся. Сцежка, сцежачка, сцяжынка. Аднолькавы сэнс усіх гэтых слоў ці розны? Складзіце сказы, дзе будзе адно ці два з гэтых слоў.
***************************************************
П’еса-казка
Дзейныя асобы
Кніга
Пеця-пастушок
Невук
Лужок
Цішыня
З’ява першая
Лета. Побач з возерам –лугавая раскоша травы, красак. Сутонне. На небе ўбіраецца ў сілу поўня. На траве ляжыць Кніга.
Кніга (прыўзнімаючы галаву, тужліва). Забыў мяне тут Пеця-пастушок… Няўжо ў траве і заначую? .. (Чуецца шоргат чыіхсці ног.) Што гэта? Я чыесьці крокі чую! (Кніга прыслухоўваецца. Набліжаецца Невук.)
Наплывае хмара, і цьмянее святло поўні.
Невук (гучна). Што, пані, падабаецца лужок? (Заліваецца смехам.)
Кніга (устаючы). Вы да мяне?..
Невук. А да каго ж ?! Па мойму, людзям ты – на ліха, бо іншых мучыш, а сама ляжыш, лайдачыш.
Кніга. Хто вы такі?
Невук. Хіба не бачыш? Я – Невук! Як магла ты не пазнаць?!
Кніга. Пазнала я. І ты павінен знаць, што маю працу не заўжды відаць, але няма ў тым сакрэту, што без мяне было б нялёгка свету.
Невук. Што ты сказала? Я – павінен знаць! Мяне яшчэ ты будзеш павучаць!..
Кніга. А што я дрэннае раблю? Табе што дрэннае зрабіла?
Невук. Такіх спрадвеку не люблю. Я паважаю толькі сілу. (хапае Кнігу, трасе яе.)
Кніга. Пусці! Пусці мяне! Балюча!
Невук. Маўчаць! Твой лепет надакучыў!
Кніга. А я ж цябе даўно цярплю…
З’ява другая
На сцэну, задыхаўшыся, выбягае Пеця. Ходзіць па траве, шукае Кнігу, і не знаходзіць яе.
Пеця. (да Лужка, прачула.) Ці не бачыў, Лужок, ці не чулі, краскі, я тут Кнігу забыў – там такія казкі! Я ж яе так бярог! Так яе люблю я! як забыць яе мог? Без яе гарую…
Лужок (голас за сцэнай). Толькі што была яна, чулася і гамана - злоснік яе мучыў, ён і мне тут надакучыў.
Пеця (занепакоена). Ясны Месяц! Месяц ясны! У пакутах я! ці не бачыў, даражэнькі, Кніга дзе мая?
Месяц (голас за сцэнай). Кніга? Бачыў кнігу, бачыў, на траве яна была. Але потым недзе знікла, калі хмара наплыла.
Пеця. Цішыня! Ты памажы мне – у пакутах я. ці не бачыла, не чула, Кніга дзе мая?
Цішыня (голас за сцэнай). Чула, хлопча, й зараз чую, ты прыслухайся і сам – Кнізе гора: завалодаў ёю Невук!
Пеця прыслухоўваецца.
Пеця. Чую, чую галасы.
З’ява трэцяя
Невук (да Кнігі). Ну, вось, і вадзічка, як вока, азерца… Купацца не любіш, але ж давядзецца…
Невук цягне Кнігу ў возера. Неперарэз яму бяжыць Пеця.
Пеця. Ах, ты, злыдзень! Скуль прыйшоў? Што ты ўчыняеш? Пачакай жа! Кухталёў зараз атрымаеш!
Баязлівы Невук губляецца, пакідае ахвяру і ўцякае.
Пеця. Вось так, герой… Пабег! Пабег, адно мільгаюць пяты… (да Кнігі). Прабач мне, родная, прабач, я страшна вінаваты.
Кніга. Нічога, застаюся жыць… З табою век хачу дружыць.
Кніга і Пеця бяруцца за рукі, кланяюцца гледачам.
Заслона
***************************************************
Адкрываю, як свет, нанова
Беларускае роднае слова,
Пералівістае - як каменьчык,
Весялковае - як ручэй,
Цёплае - як агеньчык
Добрых тваіх вачэй,
Светлае - як маланка,
Гнеўнае - як пярун,
Ціхае - як калыханка,
Вечнае - як Беларусь!
**********************************************************
Асветнік, вучоны
I першадрукар,
Наш гонар —
Францішак Скарына.
Запомні ўсім сэрцам
Як велічны дар
Радзімы
Славутага сына.
Праклаў ён дарогу
Да Слова,
Святла,
За Матчыну Мову
Паклікаў змагацца,
Каб вольнай заўсёды
Між вольных магла
Дзяржаваю
Белая Русь
Называцца.
******************************************************************
Адценне слоў — не глупства,
Ты ім не пагарджай.
Скарынка. Скіба. Луста.
Акраец. Каравай.
Акраец — шлях, дарога
І зайцаў хлеб лясны.
Скарынка — сум, трывога
І боль былой вайны.
Здараецца, вядома,
Што, выпіўшы ў гасцях,
Грызе скарынку дома
Пахмурны халасцяк.
А скіба — дзень вясновы.
Ралля. Плугі. Сяўба.
Наш хлеб — жыцця аснова,
Працяг і барацьба.
А луста — слова сытнае,
Духмянае і шчодрае.
Яно ад маці — сітнае
Ці наздравата-чорнае.
А каравай — вясельнае,
Святочнае яно.
На ручніку нясе яно
І радасць, і віно.
І справа тут не ў ежы,
А ў смачным змесце слоў,
І ў жытным ветры свежым,
І ў звоне каласоў...
*****************************************************************
Ты забыць сваю мову не мусіш,
каб агеньчык яе не ачах.
Пазнаюць нас, што мы з Беларусі
па гаворцы, па нашых вачах.
Ціха звоніць у полі калоссе,
зоркі свецяцца ў вышыні.
Наша родная мова прыносіць
столькі ласкі, святла, цеплыні.
Збажыною яна каласіцца
і вясёлкай іскрыцца ў вадзе.
Мова – вечнасці нашай крыніца,
ты шануй яе, дружа, штодзень.
******************************************************************
У нас сваiх хапае слоў
Крамяных,
росных,
васiльковых
Ад мурагоў i ад лясоў,
Ад светлых высяў жаўруковых.
У нас хапае слоў сваiх
(Іх пазычаць няма патрэбы)
Ад чыстых даляў веснавых,
Ад глыбiнi улетку неба.
Сваiх хапае слоў у нас
Суровых, мужных, як яднанне,
Яны гучаць у грозны час
I заклiкаюць на змаганне.
У нас хапае слоў такiх
Чысцюткiх, ядраных, як ранне.
Яны выказваюць услых
Пяшчоту, ласку i каханне.
Хапае слоў i гаманкiх,
I мяккiх, як у лузе травы,
І, чуйна слухаючы іх,
Запамінай не для забавы.
У нас хапае рэдкiх слоў,
I палюбi ты iх бязмежна.
Яны ад чысцінi снягоў
I ад пялёсткаў беласнежных.
Яны ўвабралi звон крынiц,
Шум лесу i дыханне ночы...
Ад лiўняў i ад навальнiц –
Грымяць, iскрацца i шапочуць.
Журыцца ўмеюць i звiнець,
Спяваць у шумным карагодзе.
Iх трэба сэрцам разумець
І ўмець знаходзіць у народзе.
*****************************************************************
Спяшаўся Мікітка
І быццам для кпінаў
Ён лішнюю Коску
У сшытку
Пакінуў.
Дзень Коска,
Як козка,
Па сшытку блукала:
Пакутніца Коска
Прыпынку шукала.
Куды ні прыстане,
Капрызныя словы -
Без слоў
Кухталёў
Ёй падсыпаць гатовы.
Адны лямантуюць:
“Што стала са сказам?
Нашто нас разбіла?
Ты ж бачыш –
Мы разам!”
Другія аж плачуць,
Угледзеўшы зваду:
“Нашто нас змяшала?
Ні ладу,
Ні складу!”
А трэція хорам:
“Ганебна!
Ганебна!
Хіба ты да месца,
Хіба тут патрэбна?..”
Ноч Коска, як козка,
Па сшытку блукала:
Знямоглая Коска
Прыстанку шукала.
Крыўдлівыя
Словы
Шумелі, як хвалі,
Пагарды,
Спагады
Сваёй не хавалі:
“Па сшытку бадзяцца
З такой пагалоскай
Не сорам табе,
Памаўзлівая Коска?
Хто гэты нягоднік?
Хто згубнай рукою
Пакінуў цябе тут
Няшчаснай такою?..”
Тулялася Коска,
Як козка,
Па вёсках,
Надумала ўраз
Беспрытульная Коска:
“Зраблюся двукоссем,
Схаваюся ў сшытку,
Хай сорамна будзе
Не мне, а –
Мікітку!”
*****************************************************************
*****************************************************************
Прынеслі ёлку ў хату,
Паставілі ў кут.
І мы чакалі з братам –
Калі ж наступіць цуд?
Павесілі ўсе цацкі,
Гірлянды і шары.
Да свята дачакацца
Ніяк мы не маглі.
Змарыліся, здаецца,
Паснулі ўдваіх.
Апоўначы нарэшце
Настаў жаданы міг.
Зірнулі мы пад лапкі
Зялёнай чараўніцы,
Запляскалі ў ладкі:
Не мог той цуд не збыцца!
Смяюцца мама з татам:
– Прыходзіў Дзед Мароз.
А мы праспалі свята.
Цяпер шкада да слёз...
*****************************************************************
Не даецца навука
Ваўку!
Вунь сядзіць ён адзін
На пяньку,
Уздыхае
I ледзьве не плача:
Не рашаецца зноўку
Задача!
А навокал у лесе
Так хораша!
А вучыцца пад лета
Не хочацца!
І даўно ўжо
На шумнай палянцы
Мяч ганяюць
Вясёлыя зайцы.
Пазяхае над кніжкаю Воўк,
Уздыхае над кніжкаю Воўк:
– Ох, і цяжкія сёння
Урокі!
Мо пайсці папрасіць мне
Сароку,
Каб задачу рашыць
Памагла?
А то можа пайсці
Да Лісіцы?
Ці мо з Зайцамі мне
Памірыцца?
Ды гняздо
У Сарокі –
Высока,
А лісіная хатка –
Далёка.
А мірыцца з касымі –
О гора! –
Замінаюць
І голад,
I гонар!
I сядзіць Воўк адзін
На пяньку.
Не даецца навука
Ваўку!
******************************************************************
Шмат у лесе дзічак – і груш, і яблынь. Ідзеш-ідзеш, і раптам стомленае вока як не ўзрадуецца. Без усякай маскіроўкі, не трэба і прыглядвацца, ляжаць пад дрэвам яблыкі… Сустракаю ў лесе знаёмую бабу Веру. Нагрузілася, як мурашка: у адной руце кіёк і торбачка, а ш другой – перагароджаная папараццю на дзве палавіны лубянка. У адной палавіне грыбы, у другой – грушы і яблыкі. На спіне напакавала нечым заплечны мяшок. Не бабуля – турыстка!
- А-а, і ты тут, - узрадавалася яна, ўбачыўшы мяне. – Не трэба з лесу ісці з пустымі рукамі. От я і нясу ўсяго… Давай пройдзем крыху ды сядзем, адпачнем. Ідзем, гамонім. Бабуля азіраецца кругом, нешта ўсё выглядае.
- Ну, вось тут і прысядзем, - гаворыць яна і апускаецца на траву.
- На, пакаштуй… Не махай рукамі, не аднеквайся: ты такія не еў… - і падае яна мне дзве грушы. Смакую. І праўда, адна лепшая за другую. І сок смачны, і каменьчыкаў амаль няма.
- А паляжыш – за за вушы не адцягнеш. Ого – грушка-гнілушка, ды яшчэ лясная… Унукі мае прыгаршчамі іх цярэбяць. Іх і сушыць можна. А які кампот смачны з яблык-дзічак! І павідла з іх, і варэнне можна рабіць. Ну, а цяпер пакаштуй во гэту… Трэцяя груша была як садовая. Мо бэра, мо вішнёўка.
- А цяпер во гэта яблычак… - падала мне бабуля вялікі, з курынае яйка, яблык.
- Штрыфель?! – пазнаў я па смаку. – Але пахне незвычайна, як мёдам. На дзічку і не падобны.
- А гэта і не дзічка. Быў такі чалавек у нашым сяле – Захарка. Капаў у лесе дзічкі, у сады пераносіў, прышчэпліваў. Вельмі смачныя яблыкі, калі прышчэпліваць да лясных. А потым стаў па лесе хадзіць, дзе маладзенькую грушу ці яблыньку сустрэне – зрэжа, прышчэптць. Дзе старэйшую – то галінку ці дзве прышчэпіць. Знойдзеш цяпер такое дрэўца – як падарунак да свята.
- Помнік чалавек сабе зрабіў… кажу я.
- – Але каторы год, як яго няма, а людзі ўсё дзякуюць чалавеку. Дабро – яно жывучае. А цяпер паглядзі назад!
Я азірнуўся. На паляну схілілася Захаркава яблыня. Дзве галіны на ёй былі незвычайныя – на адной яблыкі былі белыя, як папера, на другой – жоўта-аранжавыя, сплюшчаныя, як рэпкі. Мы падышлі бліжэй.
- Як сонца… Налілася проста…Залаты ранет, - сказала бабка Вера.
Твар яе свяціўся, нібы не Захарка, яа яна ствырыла гэты цуд.
******************************************************************
Прыгнаў аднойчы вецер Газэту, што згубілі Ля пералеску дзеці, Калі ў грыбы хадзілі. Знайшоў яе пад елкай Неспадзявана вожык. Адна бяда: газэты Сам прачытаць ня можа. Паклікаў ён лісіцу Зь мядзьведзем-дабрадзеем, Ды і яны ня вельмі У чытаньні разумеюць. Зьвярнуліся да бусла, Што гнездаваў на школе, Які, чуваць, кумекаў У грамаце найболей. I той праклекатаў ім, Што з Байканура скора Ў ракеце касманаўты Адправяцца да зораў I вось па цёмнай пушчы, Па пералесках хутка Пайшла, загаманіла Пра гэта дзіва чутка. Шмат хто ў яе ня верыў, Але было нямала Той раці, што да зораў Ляцець паспрабавала б. Сярод яе – хто б думаў! – Быў і Мураш-Бадзіня, Які любіў залазіць У неба па хваіне. I з вышыні паднебнай Глядзець на сонца, зоры Ды марыць пра вандроўку Ў захмарныя прасторы. I хоць ніхто ня раіў З дарадцаў мураўіных Рызыкаваць дарэмна, За сьвет ляціць Бадзіні – Ён не паслухаў рады I празь лясы, разлогі, Узяўшы кій ды компас, Падаўся без дарогі, Блукаў – ішоў ён доўга Па нэтрах невядомых, Пакуль не апынуўся Каля аэрадрома. Ды тут ён схамянуўся: – А як ляцець адгэтуль, Калі няма ў Бадзіні Ніякага білета? Аж чуе, каля касы Гавораць пасажыры: – Лячу ў Арджанікідзе. – А я –ў тайгу Сібіры... – А я – да Байканура, Там – мой сыночак мілы... I тут ідэя раптам Бадзіню асяніла: А што, калі забрацца У кошык да бабулі? I вось ужо сядзіць ён, Схаваўшыся пад дуляй, Сярод гасьцінцаў розных, Што везла маці сыну. – Хаця б хто не заўважыў, – Хвалюецца Бадзіня. Але прайшла пасадка, I адлягло на сэрцы. I самалёт узьняўся, Як легкакрылы вецер. Хацеў зірнуць Бадзіня, Ці карабель харошы, Ды ўбачыў сьцюардэсу I зноў схаваўся ў кошык. А там і не заўважыў, Як ахінула стома. I ён заснуў нібыта У роднай пушчы дома. Ці доўга спаў, ці мала – Таго і сам ня знае. Прачнуўся толькі, помніць, За новым небакраем, Калі матораў змоўкла Грымець грымуча рэха, Калі да самалёта Высокі трап пад’ехаў. Гурмою пасажыры Пайшлі ў вясёлым гуле, За імі падалася З гасьцінцамі бабуля I трапіла адразу Ў абдымкі свайго сына: – Ну, як здарова, мама? Ідзём хутчэй ў машыну! – Вось бачыш, сынку, жыва, Хаця і пастарэла... – Як добра, што ты ў госьці Нарэшце прыляцела... Пакуль ішла гамонка, Наш Муравей-Бадзіня Пасьпеў прыхарашыцца Прад тым, як кош пакіне. Ён выйшаў і падаўся Туды, дзе зьзяла сонца I нейкі слуп вялізны Гарэў на гарызонце. Такое ўпершыню ён Убачыў. Няўжо гэта, Зьдзівіўшыся, падумаў, Касьмічная ракета? I ўпершыню страх нейкі Ў сабе адчуў Бадзіня: Малюсенькі які ён Прад гэткаю махінай! Мо’ лепш сядзеў бы дома, А то аж неяк млосна Ад думкі, што сабраўся Ляцець у сьцюжны космас. Але ж і адступаць як, Калі ўсе ў родным краі Пра гэта падарожжа На кожнай сьцежцы знаюць. Ды і карціць самому Пабачыць дзівы сьвету... Памалу абышоў ён Касьмічную ракету, Якую да палёту, Знаць, людзі рыхтавалі I правяралі ўважна Ўсе часткі і дэталі. Таму мо’ не зьвярнулі I ўвагі на Бадзіню. А той, па кранах, скрытна, Дабраўся да кабіны. Нырнуў у глыб ракеты, Дзе між дратоў, утулак, Дзівосных апаратаў Знайшоў сабе прытулак. Прылёг. Але ня сьпіцца Яму ад хваляваньня. Прыйшлі два касманаўты Ў кабіну на сьвітаньні. Праверылі прыборы. – Гатова ўсё як трэба!.. I гул маланкагромны Узьняў ракету ў неба. I тут адчуў Бадзіня Груз перагрузкі цяжкі, А потым наступіла Дзівосная бязважкасьць. Каб не ўчапіўся добра За нейкую там скрыню, Напэўна, стаў бы плаваць Ці лётаць па кабіне. Празь нейкі час ён звыкся. Гучалі тэлехвалі. Ён чуў, як касманаўты Зямлі рапартавалі, Што ў іх усё ў парадку, Да працы прыступілі, Прывет касьмічна-зорны Ўсім перадаць прасілі. Калі ж іх сном глыбокім, Стамлёных, агарнула, Бадзіня асьцярожна Пакінуў свой прытулак. Знайшоў запасы ежы, Падсілкаваўся, потым Празь люк палюбаваўся Нябёсаў пазалотай. А ў тэлескоп як глянуў Ён на зямлі прасторы, Убачыў акіяны, Даліны, рэкі, горы, Знаёмыя мясьціны – Баравіковы ельнік, Сярод густой ажыны Свой родны муравейнік. Ад радасьці, зьдзіўленьня Пра ўсё забыў Бадзіня. – Глядзіце, як лячу я! – Гукнуў ён у кабіне, Нібыта яго голас Мог даляцець да дому, Да нарачанскіх нэтраў, Да блізкіх і знаёмых. Ён толькі касманаўтаў Збудзіў, якія, дужа Зьдзівіўшыся, спыталі: – Адкуль ты ўзяўся, дружа? Ды ты ўжо не хавайся. Цяпер нас будзе трое. Работу падшукаем I для цябе, гэроя. Пра тое, што ты з намі, У рапарце адзначым. На’т можаш інтэрв’ю даць Па тэлеперадачы... Цяпер, як паўнапраўны Ўжо касманаўт, Бадзіня Дасьледаваў з усімі Падзорныя глыбіні. Шырот паўночных зьзяньне, Камэт агністых грывы, Дзівосных, серабрыстых Аблокаў пералівы. Нагледзеўся ён столькі У палёце дзіўным гэтым, Што на’т сябрам ня змог бы Ўсё расказаць за лета. Таму, калі палёт іх Праграмны завяршыўся, I карабель касьмічны Дзе трэба прызямліўся, I касманаўтаў гучна Віталі ўсе, – Бадзіня Кабіну непрыкметна Ў той мітусьні пакінуў. Калі ж яго адсутнасьць Заўважылі, далёка Ужо ішоў ён стэпам Квітнеючым, шырокім. Ішоў і ехаў доўга Ў дажджы і сухавеі... Ды хто ўсю прыгадае Бадзіні Адысею! Адно,калі вярнуўся У свой стажок жывічны, Ўсе жыхары лясныя Яго сустрэлі зычна, Сустрэлі як гэроя. I расказаў усім ён Пра ўсе свае прыгоды У падарожжы дзіўным. I сёньня, калі часам Заглыбіцеся ў нэтры, Дзе векавыя хвоі Шумяць пад весьнім ветрам, Дзе Нарач хвалі сініць I звон стаіць птушыны, Пачуеце вы гэту Пра мураша быліну.
******************************************************************
Маленькая дзяўчынка Уладзіслава вельмі любіць маляваць. Яна яшчэ і ў школу не хадзіла, а маляваць ужо навучылася. У яе неяк само сабой гэта атрымлівалася. Улада проста сядала за стол, адкрывала альбом і малявала. З-пад яе пэндзліка выходзілі прыгожыя кветачкі, матылькі, птушкі, звяры… Адным словам, усё тое, што ёй прыдумвалася.
Неяк раз Улада гуляла з лялькамі і раптам адчула, што ёй вельмі захацелася маляваць. Ёй нават здавалася, што альбом і алоўкі проста клічуць яе! Дзяўчынка паклала лялькі ў кораб з цацкамі і села за любімую справу, але што намаляваць не прыдумала. Кветак у яе было намалявана ўсялякіх, матылькоў разнастайных, птушак і звяроў якіх хочаш… Уздыхнула Улада, сумна ёй стала. Першы раз не магла прыдумаць, што намаляваць! Дзяўчынка разглядала бялюткі аркуш паперы і адчувала, што слёзы пачынаюць пячы павекі. Яны ўжо нават набеглі на вочы і белы аркуш паперы задрыжэў. Улада кулачкамі выцерла вочкі. Аркуш больш не дрыжаў, толькі ў цэнтры яго мігцела кропка. Дзяўчынка яшчэ раз працерла вочкі, але кропка не знікла, яна па-ранейшаму то з’яўлялася, то прападала.
— Чаго ты мітусішся? – Спыталася ў кропкі Улада.
Дзяўчынка хацела дакрануцца да кропачкі алоўкам, каб яна перастала мігцець. Але як толькі Улада паставіла на яе дзюбку алоўка, кропка адскочыла крыху ўбок. Нібыта сам сабою, аловак пабег даганяць кропчаку пакідаючы за сабой след, а кропка спрытна ўцякала, быццам, прыняла гульню. І Уладзе спадабаліся гэтыя даганялкі. Яе рука вадзіла алоўкам па паперы, старалася злавіць кропачку. Лінія вымалёўвалася мудрагелістая, бегла то ўверх, то ўніз, то круцілася. Нарэшце кропачка вярнулася ў цэнрт ліста, туды, адкуль пачала свой забег. Аловак дагнаў яе і спыніўся, гульня скончылася, кропачка знікла.
Улада сумна ўздыхнула, ёй хацелася б яшчэ пагуляць з мітуслівай кропкай. Дзяўчынка кінула позірк на пакрэмзаны аркуш паперы і здзіўлена акругліла вочкі. Аловак, які бегаў за кропкай, намаляваў нейкую істоту! Выява атрымалася вельмі незвычайнай, але сімпатычнай. Сілуэт нагадваў тоўсценькі агурок, дзве рукі, дзве нагі. На галаве зверху нешта падобнае на невялікі шарык. Тварык прывабны, нават пацешны: авальныя вочы, прыпаднятыя бровы надаюць яму мілы, крыху здзіўлены выгляд. Рот таксама нагадваў авальчык, а самым дзіўным быў нос, які меў форму дудачкі.
— Які цудоўны малюнак! – Узрадвалася Улада. – Хто ж гэта ў мяне атрымаўся?
Дзяўчынка ўзяла аркуш паперы ў рукі, каб лепш разгледзець намаляваную істоту. Раптам папера задрыжала, а выява… аддзялілася, набыла аб’ём і саскочыла прама на стол. Стаіўшы дыханне, Улада назірала за тым, што адбывалася. Істота варухнулася, паглядзела дзяўчынцы ў вочы, а потым гучна і выразна сказала:
— Ву-ху!
Улада прыняла гэта за вітанне і таксама адказала:
— Ву-ху!
Істота прыязна ўсміхнулася, пайшла ўздоўж стала і пачала размаўляць на незразумелай мове.
— Гу! Бінутуту нана. За. Лукалулу дада. Ма! Футашаша пупу. Са…
— Прабачце, але я зусім не разумею, што вы гаворыце. – Сумна ўздыхнула Улада.
Істота спынілася, задумліва паглядзела на дзяўчынку і паўтарыла яе словы:
— Прабачце, але я зусім не разумею, што вы гаворыце…
Праз імгненне маленькі незнаёмец дадаў:
— Мова беларуская. Пераходжу на тваю родную мову. Будзем размаўляць.
— З вялікім задавальненнем! – Узрадавалася дзяўчынка. – А ты хто?
— Я твой новы сябар з далёкага космасу.
— Нішто сабе! – Здзівілася Улада. – А як цябе завуць?
Істота вымавіла такі дзіўны гук, які дзяўчынка і паўтарыць не змагла, бо ён сказаў гэта праз свой незвычайны нос-дудачку. Заўважыўшы, што Улада разгубілася, ён прапанаваў:
— Ты можаш называць мяне любым імем, якое прыдумаеш, я разумею, што маё сапраўднае імя для цябе такі гук, які ты паўтарыць не зможаш.
Дзяўчынка ўзгадала, слова, якое першае пачула ад госця з далёкага космасу: “ву-ху!”
— Я буду зваць цябе Вухуцік! – Прыдумала яна.
— Цудоўна! На маёй мове “ву-ху” азначае “Прывітанне”!
— А мяне завуць Улада. – Прадставілася дзяўчынка. – Я жыву на цудоўнай планеце Зямля і вельмі люблю маляваць.
— Тое, што ты любіш маляваць — сёння выратавала мне жыццё. – Усхвалявана сказаў Вухуцік. – Я быў на дні нараджэння ў свайго сябра, які жыве ў другой частцы галактыкі. А калі вяртаўся на сваю планету, то трапіў у сапраўдную непагадзь. Узняўся моцны касмічны вецер, пайшоў метэорны дождж… Мой маленькі касмічны карабель трапіў у эпіцэнтр буры! Абломкі касмічнага смецця, якія ўзняў вецер, так моцна білі па маім карабліку, што ён ледзь не разваліўся на кавалкі. Мне стала страшна… Я ўявіў, як будзе плакаць мая мама, як будзе перажываць тата, калі са мной нешта здарыцца. А тым часам мой касмічны карабель проста гнала ветрам, круціла і шпурляла так, што мяне прыціснула да крэсла і немагчыма было паварушыцца. Наперадзе я ўбачыў страшную варонку – жарало чорнай дзіркі. Мяне несла прама туды! У той момант я падумаў, што больш ніколі не вярнуся дадому, не пабачу бацькоў. Сам не ведаю, як мне ўдалося дацягнуцца да кнопкі SOS і націснуць яе. Менавіта ты, Улада, убачыла мой сігнал, гэта ён замігцеў кропачкай на тваім аркушы паперы. Ты паставіла на яе аловак, значыць, пачула мяне. Тады мне заставалася толькі тэлепартавацца. Твой аловак спрытна забегаў па паперы і намаляваў мяне. Дзякуючы гэтаму я жывы і здаровы зараз расказваю табе ўсё гэта.
— Вось дык справы! – Прашаптала дзяўчынка. – Мне здаецца я сплю і ўсё гэта мне сніцца. Хіба можа быць такое ў рэальнасці?
— Можа! – Адказаў Вухуцік. – І я вельмі рады пабываць у гасцях на Зямлі. Мяркую, у вас тут шмат цікавага.
Улада з радасцю прыняла госця з космасу і за тыя некалькі дзён, якія ён правёў на Зямлі, імкнулася паказаць яму наша жыццё.
Вухуцік пасяліўся ў шуфлядзе пісьмовага стала. Улада паставіла там для яго лялечны ложак, на якім госцю, па яго словах, вельмі салодка спалася. Кожную раніцу ён вылазіў з шуфляды і вітаўся з дзяўчынкай:
— Ву-ху!
— Ву-ху! – Адказвала Улада.
Яны разам снедалі. Вухуцік пакаштаваў маннай ды аўсянай кашы, з задавальненнем піў кісель, кампот і гарбату і вельмі палюбіў дранікі са смятанкаю.
Хаваючыся ў партфелі, разам з Уладай ён некалькі разоў наведаў школу, паглядзеў як цікава на ўроках і весела на перапынках. Паназіраў, як гулялі ў футбол хлопчыкі.
— Якая цудоўная гульня! – Дзяліўся ён уражаннямі са сваёй сяброўкай. – Абавязкова навучу гуляць у яе нашых хлопчыкаў.
Улада падарыла Вухуціку маленькі сувенірны футбольны мяч, якому ён вельмі ўзрадваўся.
Касмічны госць пабываў у музычнай школе на канцэрце і пачуў цудоўную музыку, якая не пакінула яго раўнадушным. Асабліва спадабалася яму “Купалінка” у выкананні яго сяброўкі Улады, якую яна цудоўна сыграла на цымбалах.
— Я запісаў гэты канцэрт. – Сказаў Вухуцік дзяўчынцы. – Калі вярнуся дадому дам паслухаць яго ўсім-усім. А “Купалінку” абавязкова навучуся іграць. Для гэтага добра падойдзе мой нос-дудачка.
Улада пакатала Вухуціка на ровары. Гэты від транспарта быў незнаёмы для яго, але спадабаўся малечы.
— А ў нас увесь транспарт толькі лятаць умее! – З сумам адзначыў Вухуцік. – А я б таксама хацеў педалі пакруціць.
— А мне б хацелася мець касмічны карабель. – Марыла Улада. – Ну хоць самы маленькі! Я б на ім да зорак лятала, а можа і ў школу б таксама…
Звазіла Улада касмічнага жыхара на рэчку. Плаваць Вухуцік навучыўся адразу, як толькі ў ваду зайшоў. Вельмі спадабалася яму ныраць. Як нырнуў ён першы раз, то і прапаў, чым невымоўна напалохаў ён сваю сяброўку Уладу. Дзяўчынка кінулася ў ваду, шукала яго навобмацак, колькі даставала. А сэрцайка ад трывогі хутка-хутка забілася шчочкі расчырванеліся, яна ўжо і плакаць пачала. Вынырнуў Вухуцік побач з ёй.
— Як ты мяне напалохаў! – Лямантавала Улада. – Я думала, ты ўтапіўся!
— Што ты, я проста паглядзеў што там пад вадой робіцца і назад вярнуўся. Прабач, што вымусіў цябе хвалявацца.
— І што ты там рабіў так доўга? – Крыху супакоілася дзяўчынка.
— Прагульваўся. З рыбай пагаварыў.
— З рыбай? Пагаварыў? – Перапытала Улада. – І што яна табе расказала?
— Што завуць яе Плотачка, што такога цікавага экземпляра як я, яна ніколі не сустракала. Запрашала заўтра з раніцы сюды прыходзіць, казала, што на досвітку тут чарвячкамі частуюць.
— Ага, рыбакі, якія такую вось дурненькую рыбку ловяць, на патэльні смажаць і ядуць! – Адказала Улада.
Вухуцік хваляваўся за неразумную Плотачку, таму зноў вярнуўся ў рэчку, знайшоў яе і папярэдзіў, каб яна чарвячкоў не глытала.
Кожны вечар Улада і Вухуцік выходзілі на балкон. Яны доўга сядзелі і глядзелі ў начное неба. Шарык на галаве Вухуціка пачынаў мігцець мяккім жоўтым святлом.
— Гэта маленькі маячок. – Растлумачыў госць з далёкай планеты. – У цемры мяне можна заўважыць, такімі вось светлавымі сігналамі я і іншыя насельнікі нашай планеты можам размаўляць. А яшчэ вельмі зручна асвятляць дарогу, як ліхтарыкам.
Уладзе вельмі падабаліся такія вечары, вельмі хораша было сядзець з сябрам на балконе і глядзець у зорнае неба. Вухуцік гадзінамі мог расказваць пра зоркі, пра планеты, пра космас.
А потым, калі вочкі пачыналі закрывацца, яны ішлі класціся спаць. Улада адчыняла шуфляду, Вухуцік уладкоўваўся на лялечным ложку і развітваўся:
— Камін-мака!
— Камін-мака! Дабранач! – Адказвала Улада.
Адной раніцай дзяўчынка па звычцы адчыніла шуфляду і сказала:
— Ву-ху!
Але лялечны ложак быў пусты. Улада спалохана падумала, што Вухуцік паляцеў дадому і не развітаўся з ёй.
— Ву-ху! – Пачула яна ў адказ і супакоена ўсміхнулася.
Вухуцік сядзеў на кніжнай паліцы.
— Я думала, што ты вярнуўся дадому, нават не развітаўшыся са мной! – Падзялілася дзяўчынка сваімі перажываннямі.
— Я б так не зрабіў. Але мне сапраўды пара вяртацца дадому. – Адказаў Вухуцік.
— Што ты! Пабудзь яшчэ! – Папрасіла Улада.
— Я б з радасцю. – Уздыхнуў сябра. – Але там мама з татам зачакаліся. Мабыць, хвалявацца пачалі.
Улада разумела, што нельга хваляваць бацькоў. Ціхім голасам яна запытала:
— Калі ты паляціш?
— Сёння.
— А на чым? – З таемнай надзеяй вымавіла дзяўчынка. – Твой касмічны карабель паглынула чорная дзірка. Яго больш няма…
— Буду прасіць цябе дапамагчы мне. – Адказаў Вухуцік. – Намалюй, калі ласка, для мяне новы касмічны карабель. На ім я і палячу дадому.
Уладзе вельмі не хацелася адпускаць сябра, але што ж тут зробіш — заўсёды настае момант, калі трэба вяртацца дадому. Яна ўзяла альбом, алоўкі і села за стол. Вухуцік уладкаваўся побач. Дзяўчынка старалася, яна малявала касмічны карабель, які панясе яе сябра між зорак далёка-далёка ў космас, на яго родную планету. Касмічны карабель атрымаўся цудоўны. Па форме авальны, з мноствам ілюмінатараў, праз якія можно разглядаць касмічныя пейзажы. Улада вырашыла размаляваць лятальны апарат і аздобіць яго малюнкамі. На добры ўспамін яна пакінула на ім выявы, якія нагадаюць Вухуціку той час, які ён правёў на Зямлі. На борце карабля з’явіўся футбольны мяч, ровар, цымбалы з ноткамі, Плотачку ў рэчцы.
— Як прыгожа! – З замілаваннем прашаптаў Вухуцік.
— Каб не забыўся пра тое, што тут убачыў. – Адказала дзяўчынка.
— Напішы назву карабля. – Папрасіў сябар.
— А як ён называецца?
— Улада. – Адказаў Вухуцік.
Дзяўчынка адчула, што вось-вось расплачацца. Касмічны карабель з яе імем паляціць на далёкую планету…
Надпіс “УЛАДА”, аздоблены бела-чырвоным беларускім арнмаентам, быў зроблены.
— Што ж, будзем развітвацца. – Сумна сказаў Вухуцік. – Мне пара тэлепартавацца.
— Ужо? – Голас дзяўчынкі дрыжаў.
— Ужо. – Рэхам адказаў Вухуцік.
— Бывай! Камін-мака! – Сказала Улада.
Шарык на яго галаве замігцеў.
— Камін-мака! Дзякуй за ўсё!
Вухуцік падыйшоў да намаляванага касмічнага карабля, пацягнуў за ручку на дзвярах і… яны адчыніліся. Ён увайшоў і шчыльна зачыніў за сабой дзверы. Праз імгненне Улада ўбачыла сябра ў ілюмінатары. Ён памахаў ёй, дзяўчынка адказала тым жа. Улада заўважыла, што выява карабля і Вухуцік у ілюмінатары пачынаюць знікаць. Мінула хвіліна і ад яркага малюнка застаўся толькі слабы след.
— Тэлепартаваўся. – Адзначыла Улада. – У добры шлях!
Дзяўчынка зноў узяла алоўкі і намалявала той самы касмічны карабель, а побач з ім Вухуціка.
Гэты малюнак у рамачцы вісіць у пакоі Улады. Яна глядзіць на яго і ўзгадвае свайго незвычайнага сябра, які аднойчы завітаў да яе ў госці.
******************************************************************
Дзяўчынак хлопцы
Не чапаюць,
За косы нават
Не скубнуць.
Папросяць кніжку –
І чакаюць,
Пакуль ім кніжку
Пададуць.
Як імянінніцы,
Дзяўчынкі,
Ажно цвітуць:
Прыемна ім:
Наш класны стараста
Навінку
Прыдумаў
простую зусім:
Быць паслухмянымі,
дзяўчынак
Не крыўдзіць болей
Анідзе!
Ці будзе ўрок,
Ці перапынак, -
Трымацца ветліва
Ўвесь дзень!
Куды падзеўся
вечкаў ляскат?
Дзе лішні
Ўздуджаны шумок?
На ўроку:
- Дзякуй!
- Калі ласка!..
На ўроку
- Ветлівасці ўрок.
А на бліжэйшам
перапынку
Да Генкі
- Згодзіцца ці не?
Як змоўшчыца,
Падсела Зінка:
- Памый анучку
За мяне…
Ды адмахнуўся
Злосна Генка:
- Сама памыеш,
Не паненка!
І Зінка,
Глянуўшы звысоку,
Спытала ўсё ж:
- Забыў няўжо?
Ты што казаў
На тым ўроку?..
- А ўрок..
Урок мінуў ужо…
****************************************************************
****************************************************************
Раней за ўсіх яна ўстае,
пазней за ўсіх кладзецца.
Яна жыве, яна пяе, –
і дзецям лепш пяецца.
Ты рос, як цёплы каласок,
пры месяцы і зорах
Пачуеш мілае "сынок",
хоць будзе і за сорак...
За словам "маці" ў свет пайшлі
маленства,
мара,
мова.
I мір, і мужнасць па зямлі –
жыцця твайго асновы.
Каб не тужыла па начах, –
ёй падрастай на ўцеху!
Хай будзе ў матчыных вачах
пабольш іскрынак смеху!
Ты не шкадуй ласкавых слоў
для роднай, для адзінай.
Адказвай маці на любоў –
будзь верным, добрым сынам!
******************************************************************
Не трэба мовы роднае цурацца –
На покуце ёй месца, ля святых.
Я беларусам маю гонар звацца.
І памятаю продкаў я сваіх.
На мове роднай пела песні маці
І казкі баіла бабуля мне.
Дзяцінства ў вясковай нашай хаце
Дагэтуль прылятае да мяне.
Няхай сабе абутая ў лапці,
Ды зіхаціць, як зорачка ўначы.
Пяшчотная. Адзіная. Як маці!
І мы яе павінны зберагчы.
******************************************************************
Казка пра Веру-вавёрачку,
Пра яе гора-горачка,
Пра яе маленькіх дочак,
Пра вавёрчын малаточак,
Пра птушынага пасла -
Даўганосага бусла,
Пра жыццё-быццё лясное
І яшчэ пра тое-сёе.
Забалелі ў вавёрачкі зубкі,
Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі.
Плача Вера-вавёрачка:
- Ой, гора маё,
Горачка...
Сабралася ўся вавёрчына радня.
Думаюць, гадаюць усю ноч да дня:
Як тут быць,
Што рабіць?
Прыкладаюць дочкі
Мамачцы прымочкі,
Грэюць унучкі
Бабульцы анучкі.
Яшчэ болей баляць вавёрчыны зубкі -
Не можа крануць арэхавай шкарлупкі.
Вестку паслалі старэйшаму сыну,
Той адразу ўсе справы пакінуў,
І праведаць хворую маці прыехаў,
І прывёз поўны мех ёй арэхаў.
Ён не знаў, што баляць у вавёрачкі зубкі,
Што не можа крануць яна імі шкарлупкі.
Госцю маці гаворыць:
- Сыночак,
Ты прывёз бы мне малаточак.
Не трудзіла б я зубкі,
Не верадзіла,
Малатком бы шкарлупкі
Біла.
- Што ж, - кажа сын, -
У маёй старане
Ёсць каваль - лепшы мой друг,
Ён можа скаваць для мяне,
Што я захачу, - нават плуг.
- Мне плуг не патрэбен, сыночак,
Хай зробіць ён мне малаточак.
- Мама, -
Гаворыць ёй сын у адказ, -
Я дам тэлеграму,
Ён зробіць ураз.
Сарваў сынок
Дубовы лісток -
Тэлеграма гатова:
«Я жывы і здаровы.
Толькі баляць у мамачкі зубкі -
Не можа кусаць арэхавай шкарлупкі.
Прашу, дружок,
Зрабі малаток».
Сказалі сёстры брату:
- Навошта
Табе самому хадзіць
На пошту?
Мы самі знаем, дзе стары граб.
Даўно мы хацелі
Збегаць на тэле...
Даўно мы хацелі
На тэле-
Граф.
- Ну, што ж, імчыце, -
Сказаў браток, -
Занясіце лісток,
Вазьміце квіток.
- Нясіце, - сказала мама, -
Каб сёння ж
Дайшла тэлеграма,
Няхай сам начальнік на бланку
Паставіць пячатку,
Што гэта «маланка».
Імчацца шустрыя сёстры,
Мільгаюць дрэвы
І вёрсты.
Прымчаліся
Ў самы гушчар.
Што тут такое?
Пажар!
Усё ў агні - і лісцё, і галіны,
Але здагадаліся сёстры,
Што гэта -
Прыбеглі
На самы разгар лета
І палаюць агнём
Не галіны,
А спеюць
Чырвоныя арабіны.
Імчацца далей сёстры няспынна,
Мінаюць гушчар
І пажар арабінны.
І вось перад імі
Новая пацеха:
Дрэва,
А на дрэве - арэхаў, арэхаў!
А спеленеча-ча-ча-чкія,
А жоўценеча-ча-ча-чкія,
А поўненеча-ча-ча-чкія,
А на вяршэча-ча-ча-чку, -
Шкада,
Не ўзялі з сабою
Мяшэчачка.
І тут яны ўспомнілі,
Што баляць у матулі зубкі,
Што не можа яна раскусіць арэхавай
Шкарлупкі.
Хутчэй жа,
Хутчэй,
Хутчэй туды,
Туды,
Дзе растуць
Старыя дубы!
Лістамі сцежку
Сцеле
Граб,
Прыбеглі сёстры
На тэле-
Граф.
Шматпавярховы дом -
Высознае дрэва
З акном-дуплом,
Уваход налева.
Калі ўмееш - чытай сам,
Што напісана пад аконцам:
«Прыём тэлеграм
Да захаду сонца».
Вавёрка ў дупло
Лапкамі: стук-стук,
А ім у адказ:
- Хто тут?
Хто тут?
Не лезьце ў дупло -
Ужо сонца зайшло!
Сталі сёстры прасіць:
- Дзядзюхна начальнік,
Тэлеграму трэ адбіць,
Гэтак мы імчалі,
Гэтак беглі
Праз гушчар,
Праз агонь,
Праз пажар...
Хворая ў нас маці,
Дзядзюхна дзяцел...
Падабрэў начальнік,
Непрыступны маўчальнік,
Акуляры надзеў,
На лісток паглядзеў.
- Добра, - кажа, - пашлю
Заўтра ўранку кавалю.
- Як гэта заўтра ўранку?
Нам загадала мама,
Каб вы паслалі з маланкай
Нашу тэлеграму.
- З маланкай? - здзівіўся дзяцел. -
А дзе ж яе ўзяці?
Не працуе бесперастанку
У мяне на пасылках маланка.
Бывае
І яна выхадная.
- Хай тады кавалю на дом
Заімчыць тэлеграму гром.
- Гром? - усміхнуўся начальнік. -
Гром?
Ён толькі з работы
І спіць
Непрабудным сном.
- Хто ж перадасць тэлеграму,
Хто ж?
- Дождж, - сказаў ім начальнік, -
Дождж!
І застукаў
Начальнік,
Непрыступны
Маўчальнік,
Дзюбаю: тук-тук!
Тоўстаю: ток-ток!
І з лістка
На лісток
Пацёк
Ручаёк...
Бягуць вавёркі дадому
І чуюць,
Як іх тэлеграму
Кроплі друкуюць:
«Тук-ток,
Кавалёк,
Прышлі маме
Малаток.
Разбалеліся ў мамачкі зубкі,
Не можа раскусіць арэхавай шкарлупкі».
Паплыў паток,
Пагнаў лісток,
Панёс удаль,
Дзе жыве каваль -
Стары воран,
Як вугаль, чоран.
Прыйшла тэлеграма якраз у час,
Кавалю не дае спакою заказ.
Сон яго не бярэ,
Яда не лезе:
Як зрабіць малаток -
Няма жалеза.
- Знайсці жалеза я бяруся, -
Сказаў кавалю даўганосы бусел.
Ён абуў чырвоныя боты
І палез
У балота.
А праз гадзіну ўжо бусел
Вярнуўся:
- Так і так.
Ляжыць у канаве «тыгра» -
Нямецкі танк.
Пайшоў каваль
З прыладамі, -
Чоран воран, -
Паставіў кавадла,
Распаліў горан,
Скінуў кажух,
Надзеў хвартух,
Узяў абцугі,
Прайшоў раз-другі.
Жалеза не відаць -
Гара іржы.
- З чаго мне каваць
Малаток -
Скажы?
Падумаў бусел:
«Прыйдзецца, мусіць,
Самых дужых звяроў склікаць,
Каб забітага «тыгра»
Па костачках разабраць».
Прыйшоў мядзведзь,
Злуецца, равець,
Прыйшоў воўк -
Зубамі шчоўк-шчоўк,
Прыйшоў бабёр -
Хвастом пацёр.
Доўга так раўлі і вылі
І нічога
Не зрабілі.
Беглі ў гэты самы час
Маленькія зайкі,
Узяліся і - ураз
Развінцілі гайкі.
Тады гусі і сініцы
Знялі вежу,
Гусеніцы.
Наскублі яны так-сяк
З паганага «тыгра» шэрсці шматок.
Вось табе і хвалёны танк -
Ледзь хапіла вавёрцы
На малаток.
Добра сказаць -
Заказ гатовы,
А як паслаць
Яго ў бор сасновы?
Другі дзень вавёрка малатка чакае,
Можа, яна, бедная, з голаду канае.
Гэтак моцна баляць у вавёрачкі зубкі,
Што не можа крануць арэхавай шкарлупкі.
Апусціліся галовы ніц
І ў зайцоў,
І ў сініц.
Сядзяць у скрусе
Бусел
І гусі.
Стаў ад гора
Воран
Яшчэ болей
Чоран.
Паўзе крот,
Зямлі повен рот:
- Ду-ду-ду, ду-ду-ду,
Я вашу бяду
Адной лапай
Развяду.
Сталі ўсе яго прасіць:
- Краточак,
Крот,
Браточак
Фядот,
Ты можаш зрабіць
Самалёт?
- Угу.
Я магу.
- Нам трэба, браточак,
Паслаць малаточак...
- Добра, - кажа ім крот, -
Я зраблю самалёт.
Скідай, каваль,
Свой чорны хвартух,
Прынясі мне
Шырокі лапух,
А вы, зайкі, травы нарвіце,
Вяровачкі звіце,
Малаток
У вузялок
Завяжыце.
- А цяпер, -
Кажа крот, -
Я буду галоўны пілот.
Мяне вы прасілі.
Падымай, бусел, крыллі,
Бяры ў дзюбу лапух -
Павязём малаток мы
Удвух:
Верхам сяду ў цябе я на шыі,
Паляцім мы пад хмары густыя,
Будзеш ты
Крыламі махаць,
А я
Буду табой кіраваць.
- Дзякуй, - бусел яму ў адказ. -
Гэта раз.
Памагла нам твая галава -
Гэта два.
Ну, а болей не гавары -
Гэта тры.
Памагатых такіх мне
Не трэба.
Калі ж хочаш
Пабачыць ты неба
І зайздросціш адно нам,
Буслам, -
Паспрабуй
Узніміся
Сам!
Цвёрдае слова -
Слова буслова.
Ўзяў лапух у дзюбу ён.
Варухнуў крыламі -
І ляціць наш паштальён
Лугамі,
Лясамі.
А куды ён ляціць -
Можа, боты шыць,
Можа, ніткі віць? -
Адкажыце
Самі.
Ну, вядома,
Ляціць да вавёркі-галубкі,
Вельмі ж моцна баляць яе зубачкі-зубкі.
Ён нясе ёй вузялок,
Там завязан малаток,
Каб вавёрка зубоў не трудзіла,
Каб арэхі малаточкам біла...
У вавёрчынай жа хаце
Поўна шуму, весялосці,
Перадаў ім вестку дзяцел,
Што ляціць сам бусел ў госці.
Вось унучкі
Сталы засцілаюць,
А дачушкі
Пачостку стаўляюць,
Сын
Пясочкам ля самага дома
Высыпае пляцоўку
Аэрадрома,
Каб птушыны пасол мог спусціцца,
Паміж соснаў густых
Прызямліцца.
Гасця сустракаці
Выходзіць маці:
- Што на белым свеце чуваці -
На балоце,
На сенажаці?
- Ат, якія ў нас навіны, -
Ёй адказвае бусел, -
Вы ж самі ведаць павінны,
Што ўсе мы ў самоце і скрусе.
Як прыйшла тэлеграма,
Што баляць у вас зубкі,
Не спалі мы цэлыя суткі,
Не зналі шчаслівай мінуткі.
Цяпер я спакойны
За ваш раток, -
Вось вам бранябойны
Малаток.
- Ай-яй-яй! - дзівяцца сёстры. -
Які ён цяжкі,
Які ён востры...
Мы хацелі другую адбіць
Тэлеграму,
Што даўно не баліць
Раток у мамы...
І няхай будзе сказана толькі між намі -
Лепей грызці арэхі сваімі зубамі.
Мы хацелі,
Мы вельмі хацелі
Зноў збегаць
На тэле...
На тэле...
- Перастаньце! - на дочак
Прытупнула маці. -
Малаточак
Спатрэбіцца ў хаце...
Доўга ў іх ішла бяседа-
Гаворка.
Ўсе суседзі
Былі
У вавёркі.
Стары дзяцел
З сваім зяцем,
Тры сініцы-сястрыцы,
Цётка Гануля -
Шэрая зязюля,
Пяць зайцоў-малайцоў,
Удод-удавец -
Слаўны на дудзе ігрэц,
Два глухія глухары
Білі ў бубен
Да зары.
І я там быў
За тым сталом
І еў і піў
Разам з буслом.
Што там было весялосці
І смеху.
Папаелі госці
Грыбоў і арэхаў.
Былі мёд і квас там,
Бульба, селядзец.
Хто праслухаў казку -
Той маладзец.
******************************************************************
Па маленькім,
зялёным, як сад,
гарадку
крочыць тата,
узяўшы
мяне за руку.
Я амаль паспяваю
за ім –
крок у крок.
Тата кажа:
– Глядзі,
прыглядайся,
сынок.
Для мяне,
як для птушкі,
быў ён
родным гняздечкам –
гарадок,
што даўней
называўся мястэчкам.
Я адсюль
паляцеў
у нязведаны свет...
Мне б
за татам прайсці
шлях яго –
след у след!..
******************************************************************
Люлі, спі, мой сынку!
Годзе плакаць, драцца!
Зашануй слязінку:
Некалі прыдасца.
Глянуць з неба зоры
На жыццё, на беды;
Пойдзеш ты з пакорай
Свайго бацькі следам.
Вырасцеш, дзіцятка,
Сасніне па вуха,
Будзеш дуж, мой братка
Як мядзведзь-маруха.
Толькі будзеш ніжай
Беднаты пакорнай,
Не пазбудзеш крыжа
Сваёй долі чорнай.
Сцяжыну блудліву
Нойдзеш ты за хатай,
Змерыш свет шчасліва,
Не спаткаўшы брата.
Сам скуеш ты путы
Гора векавыя,
Сам саўеш пятлю ты
На сваю ты шыю.
Сыдзе год за годам,
Сыдзе чарадою,
Буры, непагоды
Свіснуць над табою.
Ты з мучэннем зжыўся,
Давядзе да рэшты:
Бедным нарадзіўся —
Бедным і памрэш ты.
Дык жа спі, мой сынку!
Годзе плакаць, драцца!
Зашануй слязінку:
Некалі прыдасца.
*************************************************************
У кожнага з нас ёсць дом. У каго ў горадзе, у каго ў вёсцы. Першы мой дом, дзе прайшло мае маленства, мне асабліва дарагі.
Паспрабуйце сперша ў думках, а пасля на паперы ў альбоме намаляваць свій дом. Які ён? Што асабліва адметнае і дарагое ў вашым доме і паблізу яго – двор, дрэвы,вуліцы, мясціны, дзе вы з сябрамі гуляецеў свае любімыя гульні? А самыя родныя і блізкія вам людзі, суседзі, знаёмыя? І яны ўсё ў вас перад вачыма.
Мая карціна таксама называецца “Мой дом”. Гэта дом, у якім я нарадзіўся і вырас. Некалі ён мне здаваўся вельмі вялікім. Але кожны раз, калі я падыходжу да свайго дома, да мяне вяртаецца маё маленства. Вось зусім яшчэ маладая, але ўжо з цяжкімі стомленнымі рукамі, мая маці. Успамінаю свайго бацьку. Колькі шчасця было, калі ён вярнуўся дадому пасля вайны з перамогай, з двума салдацкімі ардэнамі Славы!
Так складалася гэта карціна. У кожнага - свой дом, сагрэты ласкаю і цяплом блізкіх людзей.
Мне хацелася, каб кожны, хто будзе глядзець гэту карціну, успомніў сваё маленства. Мне ў маім доме і вакол яго дарагая кожная прыкмета.
Вось паўз наш дом з грукатам пралятаюць цягнікі. Праводзячы іх вачыма, хацелася і самому ляцець за імі услед, каб убачыць яшчэ неспазнанае і невядомае.
Тут, у маім вясёлым чырвоным доме з расчыненымі насцеж вокнамі, усё мне так блізка і дорага. Мае суседзі, мае сябры – усе простыя і добрыя людзі. Кожны заняты сваёй работай, у кожнага – свой клопат.
З дома, дзе мы нарадзіліся, пачынаецца Радзіма. Стаўшы дарослымі, мы яшчэ мацней любім яго. І кожны з нас гатовы берагчы, шанаваць і свой дом, і сваю Радзіму.
*****************************************************************
Я нарадзіўся беларусам,
Беларусам буду жыць!
Мову родную клянуся
Шанаваць, цаніць, любіць.
Сваю родную старонку
Я люблю як і бацькоў,
Што вучылі песні звонкай,
Прывівалі мне любоў:
І да мовы, да дубровы,
Да палёў і да лугоў.
І заўсёды да народа,
Што жыве тут ад вякоў.
Я клянуся: не зракуся
Сваё роднае любіць.
Быў і буду беларусам,
Пакуль толькі буду жыць!
******************************************************************
Казкі
Такога дзеда, як мой, са свечкаю не знойдзеш. Дзесяткі казак ведае. Чуў ён іх ад свайго дзеда, а той - ад свайго. Гісторый у яго - мех пад завязку. Дарослым ён не любіць баяць - не даюць веры, зноў, кажуць, стары дзівак за сваё ўзяўся, ілжэ не падсяваючы. І якіх толькі мянушак не прыдумалі дзеду: і Манюкін, і Мюнхгаўзен, і Ачмуровіч, і Дзед Абуй Лапці... Дзядуля не крыўдуе: што з іх, разумнікаў, возьмеш. Манюкін дык Манюкін, затое дзеці чарадою ходзяць за дзедам - за вушы не адцягнеш іх ад старога. Нават да мяне падлабуньваюцца, каб не прагнаў з надворка; вачэй не спускаюць з дзядулевага крэсіва. А яно, відаць, чарадзейнае, нездарма ён не прызнае запалак і запальнічак. Ды што тыя запалкі!.. Стукне дзед камень аб камень, пасыплюцца іскры, задыміць трут, пыхне люлькай стары, загаворыць: «Э-э, слухайце, саколікі, шчырую праўду раскажу, дзед Манюкін не салжэ. Раней, каб вас качкі ўбрыкнулі, нячыстай сілы, ведзьмаў розных, пярэваратняў, вурдалакаў было, не раўнуючы, як тых уюноў у старой копанцы». Дзед на ўсякі выпадак пакруціць галавою, ці няма побач каго-небудзь з дарослых, і толькі тады бае далей. А мы стоімся як мышы пад венікам, слухаем. Дзед збіваецца, забягае наперад, паўтараецца... І ўсё ж колькі ні слухай - самае цікавае наперадзе.
Хочаце даведацца, як змагаўся дзед з нячыстай сілай, шчасліва рыбачыў, смела ратаваўся ад мядзведзяў і ваўкоў?.. То не лянуйцеся, перагарніце старонку. Чэснае слова, не пашкадуеце.
Чортаў млын
Сёння наш дзед Манюкін імяніннік. Да яго, як кажа бабуля, без дулі не падступіцца. Нос задраў угору, ходзіць важна, нібы бусел па балоце.
- Ты ж глядзі, Манюкін, не лопні ад гонару, - пасміхаецца бабуля.
Дзед нават не глядзіць у яе бок, дарэчы, як і на нас, малечу. Гэта ж трэба - «Опель» завёўся. Ён не чмыхаў, не кашляў, а гыркнуў і роўна затарахцеў. Я на дзедавым месцы таксама заважнічаў бы: не штодня «кайзераўскія» машыны заводзяцца. Гарадскія разумнікі з паўгода біліся, каб ажывіць яго, а дзед за месяц справіўся. Ведай нашых. Цяпер і я буду нос задзіраць перад Міколкам і Змітручком. Зайздросцяць нябось. «Опель» не грузавік, ды і не трактар, на якіх бацькі іх шчыруюць.
Дзед рашуча выбівае люльку аб шуло і садзіцца ў машыну. Паехаў. І мы, і баба глядзім услед.
- Каб хоць не разбіўся, стары корч, - кажа баба, - яму б не на машыне, а на карове ездзіць.
Я грукаю кулаком па шуле. Хіба можна так плявузгаць? Нядоўга і сурочыць.
Дзед вярнуўся праз паўгадзіны. Ліха заруліў на падворак.
- На племянным жарабцы, - кажа, - ездзіў, на соме ездзіў - ездзіў, - загінае пальцы. - На мядзведзі, на чорце, на ваўку ездзіў... І вось цяпер на «Опелі». Цуд! Толькі трэцяя перадача заядае. Нічога. Чурылава не за адзін дзень будавалася...
Дзед аж заспяваў ад шчасця:
І кажух на мне,
І жупан на мне,
Як па вуліцы іду -
Не чапайце мяне!
Хто ж зачэпіць такога геройскага дзеда? Мы маўчым. Нават бабуля праглынула язык. Я памог бы дзеду, заспяваў, ды слоў не ведаю. А дзед ужо ўпрысядку пусціўся.
Шый, старая, нагавіцы,
Я не баба у спадніцы.
Выцінаю і скачу,
Пакуль боты не стапчу.
А стапчу - не забядую,
Лапці новыя абую.
І прытопне дзед, і прысвісне дзед. Люба глянуць.
- Хочаце казку пра чарцей? - пытае, перавёўшы дух.
З якой гэта нагоды мы павінны адмаўляцца ад казкі? Толькі баба і тут нораў паказала. Бразнула вёдрамі, крутнулася і па ваду паджгала. Ведама, кабет убачыла каля студні. Можна, між іншым, пахваліцца, што дзед «Опель» завёў і цяпер яна не будзе, як усе, хадзіць пехатою на кірмаш ці плішчыцца ў перапоўнены аўтобус.
- Дзеду, дзеду, - просіць Алёнка, - а можна мы ў машыну залезем і ты ў машыне нам казку раскажаш?
- Можна! - дазваляе дзед. Ён сёння добры, хоць ві з яго вяроўкі, на ўсё згаджаецца.
Нас прасіць не трэба. Міколка і Змітручок садзяцца ззаду, мы з Алёнкай побач з дзедам. Цеснавата на адным месцы ўдваіх, але бліжэй да дзеда і да руля. Так што можна выцерпець.
- Вось пракаціўся я з вецярком, - кажа дзед, - і здагадаўся: ніякі гэта не «Опель», а «Мерседэс», надта ж цяга добрая. Вывеска толькі опелеўская. Ашукаўся пляменнік. Хіба ў «Опеля» можа быць такі добры ход? Нізавошта. Толькі вы ні гу-гу. Даведаюцца зладзеі - і цю-цю наш «О-оп...», даруйце, «Мерседэс». Лепш ужо самі будзем ездзіць.
Мы клянёмся ні гу-гу, цю-цю нам ніяк не падыходзіць.
Дзед узяўся за руль, глянуў у бакавое люстэрка, ці не відаць каго-небудзь з дарослых, і таямніча пачаў:
- Спалохаць такога смелага чалавека, як я, усё роўна, што на калгасным кані абагнаць «Мерседэс». Прама скажу: я не ведаю, што такое боязь, сполах, жах, паніка, пераляк. Гэта для іншых людзей, не для мяне. Але і я аднойчы дрыжэў як асінавы ліст, свят-свят, не тут казана, каласочкі-красачкі.
Хітрыя людзі хаты трымаюцца, а мяне хлебам не кармі - дай куды-небудзь пайсці ці паехаць. Відаць, і памру ў дарозе. Не магу доўга ўседзець дома, усё роўна як нейкі сверб точыць. Характар такі. Яго не пераробіш. Баба Аўдоля лаялася, абяцала кінуць мяне, з'ехаць да дзяцей у горад, калі буду бадзяцца, як самы апошні валацуга, але ж неяк церпіць. Хто яе чакае ў тым горадзе? Тут яна гаспадыня, а там прыжывалка. Ды і дзе знойдзеш такога геройскага дзеда, як я? І рукі ў мяне растуць адкуль трэба. Плот загарадзіць - калі ласка, свінні дрот у лыч зацягнуць - няма праблем, «Мерседэс» завесці - і тут за мной не стане.
Закончылася, гэта, касавіца. Невялічкі перадых. Можна пахадзіць, свет паглядзець. Выцягнуў я з куфра свой рэчмяшок армейскі, паклаў у яго сала, хлеба, некалькі цыбулін, сцізорык, тое-сёе з адзежы, кітайскі ліхтарык на батарэйках і... калоду карт. Надумаў схадзіць да стрыечнай сястры ў Світалаўку. Дзеці ў яе разляцеліся па свеце, адна жыве, як старая вярба пры дарозе. Будзе госцю рада.
Баба на гэты раз не пярэчыла. Ведае, хоць кол на галаве чашы, але ад свайго не адступлюся. І пайшоў я. Іншы б аўтобуса чакаў, а я не такі, люблю сваім ходам. Урэшце, мне ж і за сотню толькі нядаўна пераваліла. Маладзён!
Не спяшаюся. Перастаўляю ногі памаленьку. Пагода ясная - ні хмурынкі. Спыніўся ля зенькаўскай ямы. Там хлапчукі гарадскія рыбу лавілі. Не клюе ў іх. Ат, ведама, блазнюкі! Я, канечне, давай парады даваць. Не слухаюць, падшыванцы, смяюцца: «На табе, дзед, вуду, - кажуць, - і злаві хоць печкура, тады паверым, што ты не мокрая алешына, а дуб мораны».
Эх, не люблю я, калі мой рыбацкі гонар зневажаюць. І хто? Смаркачы! Выбраў я вуду, выцягнуў з ракі ламачыну, набраў шыцікаў, папляваў на чарвяка і закінуў на шчасце... Торг паплавок - і паляцеў стралой па вадзе. Падсякаю. Ялец. А там другі, трэці. Плотка, акунь...
Я забыў, куды іду, чаго прыпыніўся на гэтай кладцы. Толькі паспяваю рыбу з кручка здымаць. Во захапіўся! Дзеці воч не зводзяць з мяне. Стараюся апраўдаць давер. Гэта няпраўда, што з гадамі кроў у жылах стыне. У мяне нібыта наадварот. Спяшаюся жыць. Хочацца і вас, унучкі, падгадаваць, і рыбу палавіць, і на паляванне схадзіць, пакуль Кашчавая самога не ўпалявала.
Агледзеўся, а ўжо сонца ўніз коціцца. Аддаў я дзецям вуды і рыбу, мяшок за плечы і - бягом.
Гадзіны дзве шыбаваў, а там сцішыў ход. Мінуў Сыманскі барок, выбраўся на поле. Праваруч насоўвалася чорная хмара. Спачатку здавалася маленькай, пасля вырасла і неўзабаве зацягнула ўсё неба. Я, вядома, прыбавіў ходу. Не дай бог, калі навальніца застане ў полі. Да ветранога закінутага млына заставалася кіламетры два. Там можна перачакаць навальніцу, а то і пераначаваць. Да таго ж жывот зводзіць, есці хочацца. Нішто так не падганяе чалавека, як страх і голад. (Не дай бог вам такіх падганятых.)
Хмара ўсё ніжэй і ніжэй. Бліскавіца. Гром. Іду подбегам. Вось і млын. Дровы ляжаць каля невялікай самадзельнай грубкі. Гэта ўжо ратунак. Вось толькі б трут не адсырэў. Дзе там - мокры, а трэскі крэсівам не запаліш, хоць лоб размалаці. Бачу, старая куфайка вісіць. Тут ужо, каласочкі-красачкі, павесялеў я. Нашчыпаў ваты, ляснуў крэменем і агонь выбіў. Там і дровы распаліў. Заскакала полымя ў грубцы, зазіхацела, асвятляючы вялізныя жорны, паліцы, засекі.
Найперш развесіў я адзежу сушыцца, намазаўся салам, каб не прастыць. (Вучыцеся, пакуль я жывы.) А там нанізаў астаткі на ражончык і сунуў у агонь. Смажанае сала з цыбуляй, хлеб. Якія лепшыя прысмакі патрэбны старому салдату?
Штаны і кашуля мокрыя, не нацягнеш на цела, а спаць хочацца. Прытаміўся, ды і дождж цурболіць, усё роўна як сон навявае. Падышоў я да засека, глянуў туды і павесялеў - там нейкае пер'е, вата, трантаў поўна. Не замерзну. Даў нырца я ў той засек і адразу ж заснуў.
Доўга спаў ці нядоўга, прачнуўся ад гаманы і бразгацення. Прыслухаўся. На стале, каля жорнаў, штосьці звякае, і хрыплыя галасы выкрыкваюць: «Туз!.. Кароль!.. Шасцёрка!.. Гы-гы, мая ўзяла!.. Тваё біта!!!»
Ясна, карцёжнікі высвятляюць адносіны. Добра, калі не разбойнікі з вялікай дарогі. Мусіць, пакуль я драмаў, яны сюды з'явіліся. Далікатныя, будзіць мяне не сталі, а можа, у цемры не заўважылі. Так ці гэтак, вырашыў я наўперад зірнуць, што за народ там. Ціхутка падняўся, глянуў праз шчыліну ўгару. Матка найсвентшая, уратуй і памілуй. Ледзь енк не сарваўся з губ. Чэрці! Такіх я не бачыў. Адзін, мабыць, галоўны: не меншы за добрага бугая. Галава, як свіная рашка, вочы савіныя, нос сіні, парэпаны - з добрую бручку, хвост метры два, капыты бычыныя, зубы жоўтыя, вострыя, рукі, быццам у гіганцкай малпы пазычыў, зарослыя шчаціннем, учэпістыя, з доўгімі кіпцюрамі. Дакранецца да цябе такая брыда хоць адным пальцам - і халэмус.
Другі з выгляду нагадваў казла - доўгая сівая барада, губы тоўстыя, вочкі маленькія, а хвост і капыты гадавалага бычка. Выгляд хоць і страшны, але не такі люты, як у першага. Напэўна, жартаўнік і махляр, бо ўсё зубы шчэрыць, па баках азіраецца. Відаць, сумленне не чыстае, усіх дурыць, вунь цэлую горку залатовак падгроб да сябе.
Трэці чорт маладзейшы. Вельмі падобны на другога, толькі меншы. Гатоў пабажыцца, што сын ці ўнук яго.
- Утрох не гульня, - зароў галоўны, - вы ў адну руку гуляеце з пляменнікам. Абжуліць мяне захацелі, ды я вас адным мезенцам укіну ў жорны і ў парашок змялю. Убачыце, дзе каза хвост носіць!
Дзіва, але сваякі не спалохаліся.
- Не сярдуй, Ваша Нізасць, - заекатаў тоненькім голасам сярэдні, - учацвярох яно, канечне, спадручней, вы маеце рацыю. А дзе ўзяць чацвёртага гульца? Намалюем? Наўкруг лес і поле. Ні людзей, ні анёлаў, ні Вашых пакорных слуг, Ваша Нізасць. Не верыце, то я гукну!
Чорт з казлінай барадой ускочыў на жорны і нема зароў:
- Ой, я-яй, ой, я-яй! Адгукніцеся!
Мне здалося, што млын закалыхаўся і паплыў, а жорны сталі круціцца. І тут мяне міжволі як нейкая сіла падштурхнула. Яшчэ рэха не сціхла, а я ўжо наперад ступіў.
- Гатоў сыграць з вамі ў карты, - кажу, - толькі цур-цура - не махляваць!
Сказаў так і здрыгануўся. Толькі цяпер дайшло, што я голы, увесь у пер'і, ваце, а галоўны чорт - сам Люцыпар, яго аднаго завуць Ваша Нізасць. Вырваў бы язык сам у сябе, ды позна, слова не верабей.
- Хто такі і як сюды трапіў? - загрымеў Люцыпар. - Пакажыся. Хачу бачыць!
Давялося падняцца па прыступках наверх.
- Глядзіце, - кажу, - лівень застаў у дарозе, вось і заначаваў тут, Ваша Нізасць.
І тут чэрці ўбачылі мяне. Ім аж мову адняло. Не дзіўна: пер'е прыліпла да свінога тлушчу, вата таксама, твар у сажы.
- Хто ты такі? - спытаў нарэшце Люцыпар.
- Праваслаўны, Ваша Нізасць. Не верыце, то магу перахрысціцца, а то і пацеры пачытаць...
- Маўчаць! Тут табе не царква, а млын закінуты, котлішча наша.
- Як загадаеце, Ваша Нізасць!
- Скажы, як зваць цябе, рызыкант?
- Завіце Манюкін. Так поп ахрысціў.
- Я цябе зараз так перахрышчу, што вочы на лоб палезуць. Не ўспамінай даўгагрывых, цярпець іх не магу...
- Як загадаеце.
- Ты часам Ачмуровічу не родзіч? - спытаў другі чорт. - Надта ж падобны на яго. З маленства мяне за нос водзіць.
- Стрыечны брат мой. Жулік. Мне таксама пыл у вочы пускае.
- Бачу, ты нармалёвы дзед, - засмяяўся Люцыпар, - трапіш у пекла - не прападзеш, прыстаўлю да катла са смалой. Вось табе дзесяць залатовак. Распіскі, што прадаў душу, не трэба. Бяры напавер, я - добры. Выйграеш - вернеш доўг.
Не хочацца гуляць з чарцямі ў карты, але дзе ты дзенешся - мусіш. Не да пацераў, калі хата гарыць. Трэба ж трапіць у такую бяду. Хто мог падумаць, што ўладар пекла каля Сыманскага барка пасяліўся? Даўно, мусіць, тут поп кадзілам махаў, раз чэрці лагаўё ўстроілі.
Эх, адзін раз Марку жэняць. Толькі не выйграць мне - карты ў калодзе нябось мечаныя. Не чакай дабра, спадар Манюкін, калі Бог ад нашых мясцін адвярнуўся і чэрці тут запраўляюць.
Селі гуляць. Я - насупраць Люцыпара, сваякі - адзін насупраць другога. Кожны паставіў у банк па дзве залатоўкі... Глянуў я ў карты, і ў грудзях пахаладзела. Хіба гэта карты? Каб горш, то і не трэба - адны малодкі. Бачу, і Яго Нізасць скрывілася. Няпруха. Тут хоць савой аб пень, хоць пнём аб саву. Каюк!
І другі раз я прадуў, і трэці. Калі так пойдзе, то прымусяць душу ў заклад ставіць. Што прыдумаць? Люцыпар таксама прайграе. Сваякі золата грабуць. Эх, было не было.
- Даруйце, Ваша Нізасць, - кажу, - мы з вамі ніколі не выйграем. Карты мечаныя. Сваякі ашукаюць нас. Ёсць у мяне з сабою нераспячатаная калода, дазвольце ўзяць яе.
- Дазваляю! - гыркнуў Люцыпар.
Сваякі замітусіліся, кінуліся ў спрэчку. Маўляў, на пераправе коней не мяняюць. Будзем гуляць як гулялі, старой калодай.
- Глядзіце самі, Ваша Нізасць, - падпускаю туману, - я не свае грошы прайграю, а вашы. Мне не шкода.
- Нясі тваю калоду, Манюкін! - зароў Люцыпар.
Я, канечне, рад старацца. Прынёс карты. Э-э, зусім па-іншаму пайшла гульня: то я залатоўкі падграбаю, то Люцыпар. Сваякі зусім галовы апусцілі. Злуюць, вядома, нервуюцца, а ў картах без вытрымкі ты нуль. Я ў Грамадзянскую вайну ўсіх ахвіцэраў абгульваў. Вытрымкі мне не пазычаць.
Пад раніцу добрую сотню залатовак выйграў, доўг аддаў Люцыпару. Думаю, гэта, дом двухпавярховы з цэглы пабудую, унукам машыны куплю. У санаторыю з бабай махнём.
На вачах пачало святлець. Чэрці нервуюцца, памылкі робяць, павышаюць стаўкі, прайграюць. А я ўсё падбіраю залатоўкі з партрэтамі цароў-амператараў. Во, пашэнціла. І раптам дзесьці далёка, пэўна ў Сыманчычах, певень азваўся. За ім другі. Чарцей як ветрам здзьмула. Былі - і няма ні Яго Нізасці, ні сваякоў. Хвокуснікі. Глядзь на стол, а там замест залатовак гарошыны казіныя. Свят, свят. Падхапіў я рэчмяшок і дай бог ногі з паганага котлішча, забыў нават адзежу забраць. Папёр у пер'і і ваце. Прападзі пропадам тыя залатоўкі і тая адзежа, добра, што галавой не налажыў.
Тэлеграма ад Радзівіла
Ой, дзед, ой, хітрун! Апрануўся, як у нядзельку, і ўсё нешта на вуліцу паглядае. Мы хацелі збегаць на рэчку, там акунь добра клюе. Не пускае дзед, пасадзіў нас на лаўку насупраць хаты і зубы замаўляе. Нябось кагосьці чакае... Нас не правядзеш: пэўна, паштальёнку. Вунь яна ходзіць ад хаты да хаты. Зараз каля нас апынецца.
- Дзень добры! - вітаецца цётка Соня. - Вам, дзеду, тэлеграма нейкая дзіўная. З-за мяжы. На пошце начальніца казала - з Англіі, во!
Дзед здзіўлена хмыкнуў, загадаў Алёнцы бабулю гукнуць. Тая адразу ж выйшла на вуліцу, павіталася з паштальёнкай.
- Тут мне тэлеграма, - сказаў дзед, - нібыта ад ангельцаў. Там у мяне блізкіх сяброў і сваякоў нямашака, хіба што стрыечны брат успомніў...
- Чулі, чулі, - засмяялася бабуля, - князь Радзівіл. Ты, Сонечка, не зважай на старога дурня. Ён, калі ўчаўпе сабе што-небудзь у галаву, то сам сабе паверыць. Знайшоўся мне нашчадак Радзівілаў!
- Але тэлеграма сапраўды з Лондана, - сказала паштальёнка, - і падпісаў яе Радзівіл.
Каб гром грымнуў з яснага неба, мы так бы не здзівіліся. І баба Аўдоля, і мы з Алёнай, і хлапчукі-суседзі быццам анямелі.
- Чытай ужо хіба, - папрасіў паштальёнку дзед, - я акуляры ў хаце пакінуў.
«Паважаны спадар Манюкін, - прачытала цётка Соня, - у бліжэйшы час я прышлю афіцыйнае пацвярджэнне, што вы належыце да самага старажытнага і шляхетнага роду Радзівілаў. З гэтай паперай вас, несумненна, прымуць у клуб беларускай шляхты пад старшынствам дробнага шляхцюка Г.
Такі смелы, знаходлівы і рашучы чалавек, як вы, не можа не належаць да нашага слыннага роду.
Чытаю кнігу аб Вашых прыгодах. Разам з Вамі ваюю з нячысцікамі, ратую звяроў і птушак, баю дзецям казкі.
Сто лят Вам жыцця, добрага здароўя, шчасця.
Ваш Радзівіл
Лёндан. Вялікабрытанія.
31 жніўня, год 1999-ы ад Нараджэння Хрыстова».
Дзед пераможна глянуў на бабулю. Як самы сапраўдны шляхціч, пацалаваў руку паштальёнцы, забраў тэлеграму і, падміргнуўшы нам, падшывальцам, пайшоў у хату, кінуўшы няўзнак: «Нягожа, калі беларускай шляхтай запраўляе драбнарыбіца. Тут на самацёк пускаць нельга... ой, нельга».
Мы моўчкі глядзелі ўслед. Ну і дзед, усіх здзівіў. Гэта ж трэба, сам Радзівіл даў яму тэлеграму. Вунь як горда барадой затрос. Мусіць, і нам з Алёнай не выпадае з кім папала хаўрусаваць. Мы - беларусы!